У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры 20 лютага для вучняў 11 класа праводзілася конкурсная праграма “Фэст”. Праграма стала сапраўдным святам для ўсіх, хто любіць і шануе беларускае слова. «Фэст» праходзіў у фармаце спаборніцтва, дзе кожная пара павінна была прайсці праз шэраг выпрабаванняў, каб прадэманстраваць свае веды па беларускай мове і літаратуры. Для ўдзельнікаў былі падрытаваны нестандартныя пытанні і цікавыя заданні, якія запатрабавалі не толькі школьных ведаў, але і кемлівасці. Менавіта ў час гульні вучні змаглі паказаць, наколькі добра яны ведаюць гісторыю, звычаі і культуру роднага краю, а таксама ўменне працаваць разам, знаходзячы правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях.«Фэст» стаў яркім пацвярджэннем таго, што беларуская мова жыве ў сэрцах маладых людзей і можа аб’ядноўваць, натхняць і ствараць сапраўднае свята.

Вучні 10-11 класаў сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай дыктоўкі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы і Году беларускай жанчыны. Дзяўчаты і хлапчукі ўпершыню пісалі не празаічны тэкст, а вершаваны. Так на паперу ляглі радкі верша Алеся Звонака "Беларускія жанчыны".
Вучні ўважліва ўслухоўваліся ў кожнае слова, стараліся правільна запісаць і аформіць сказы, зразумець сэнс верша.
Пасля напісання вучням было прапанавана праверыць свой тэкст, разабраць складаныя моманты і выправіць памылкі.
Удзел у такім мерапрыемстве - гэта, адназначна, каштоўны вопыт, што дазволіць вучням вызначыць праблемныя месцы ў вывучэнні роднай мовы і запоўніць іх ведамі.
